Сделать свой сайт бесплатно

Реклама

Создай свой сайт в 3 клика и начни зарабатывать уже сегодня.

@ADVMAKER@

ВЯДОМЫЯ ЛЮДЗІ НА ЦЕЛЯХАНСКАЙ ЗЯМЛІ / VIADOMYJA LIUDZI NA CIELACHANSKAJ ZIAMLI

Імёны многіх вядомых людзей непасрэдна звязаны з Целяханшчынай. Міхал Агінскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Канстанцін Ракасоўскі , Леў Гумілёў, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і многія-многія іншыя. Гэтыя людзі наведвалі ў свой час нашы землі, пражывалі тут і тым самым пакінулі свой след. Пра іх чытайце ніжэй...

МІХАЛ КАЗІМІР АГІНСКІ / MICHAL KAZIMIR AHINSKI

Вялікі гетман літоўскі, мецэнат, кампазітар, пісьменнік,  прадстаўнік старадаўняга магнацкага роду – усе гэтыя словы адносяцца да Міхала Казіміра Агінскага. Яго бацька, Юзаф, быў ваяводам трокскім, маці, Ганна — з роду магнатаў Вішнявецкіх. 3 1748 М.К. Агінскі — чашнік літоўскі, пісар вольны i генерал-маёр войск літоўскіх. У 1746 на сойме быў паслом ад Пінскага, у 1748 ад Старадубскага паветаў У 1753-61 падарожнічаў па Еўропе, быў у Дрэздэне, Вене, Парыжы. Ажаніўшыся з дачкою вялікага канцлера літоўскага М. Чартарыйскага, атрымаў Слонімскую эканомію. 3 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вялікі літоўскі. Пасля смерці караля Аўгуста III адзін з кандыдатаў у каралі Рэчы Паспалітай. У 1771 перайшоў на бок Барскай канфедэрацыі, але яго трохтысячны атрад разбіў Сувораў пад вёскай Сталовічы (цяпер Баранавіцкі р-н). У выніку М.К. Агінскі быў вымушаны эмігрыраваць, а яго маёнткі ва ўсходняй Беларусі, ужо далучанай да Расіі ў 1772, былі канфіскаваны. Вярнуўся на радзіму ў 1774. Пабудаваў у Слоніме некалькі прамысловых прадпрыемстваў, друкарню, тэатр. Па сваёй ініцыятыве пачаў пракладваць Агінскі канал, які злучыў рэкі Ясельду са Шчарай i тым самым раку Нёман Балтыйскага басейна з ракой Прыпяць Чарнаморскага басейна.

 

Міхал Казімір Агінскі быў добра адукаваным i таленатавітым чалавекам, пісаў вершы, аповесці, маляваў, сачыняў музычныя творы, іграў на кларнеце, скрыпцы, арфе i клавікордах (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж. Віёці). Пры сваім двары ў Слоніме ў 1765 ён стварыў вядомыя на той час оперны тэатр i капэлу. Для падрыхтоўкі балетных артыстаў i музыкантаў з прыгонных арганізаваў школу. Яго лічаць аўтарам выдадзеных у Варшаве пад псеўданімам «Слонімскі грамадзянін» перадавых для свайго часу зборнікаў «Гістарычныя i маральныя аповесці» (1782), «Байкі i небайкі» (1788). У апошні зборнік увайшлі вершы з «Песень пана Міхала графа Агінскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага, укладзеныя ў верасні 1770 года ў Слоніме». Выказвалася думка, што ў літаратурнай працы яму дапамагаў Ф.К. Хамінскі, аднак гэта меркаванне абвяргаюць сучасныя даследчыкі. Вядомы ён i як оперны кампазітар — аўтар пастаўленых на сцэне яго опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна пісаў з дапамогай Ф.Марыні), а таксама «Сілы свету», «Становішча саслоўяў» (1784). Пісаў таксама скрыпічныя п'есы. У 1778 адкрыў для сваіх прыгонных школу — «Дэпартамент балетных дзяцей», дзе акрамя танцаў дзяцей вучылі чытанню i пісьму.

У 1781 Міхал Казімір Агінскі прызначаны намеснікам Літоўскай правінцыі, у 1782 выехаў за мяжу, быў у Бруселі, Амстэрдаме, Берліне, потым у Англіі. Прасіў дапамогі ў прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, каб вярнуць свае маёнткі ў Расіі. У 1793 адмовіўся ад вялікай гетманскай булавы, выехаў у Вену, у 1795 прысягнуў на вернасць Кацярыне II. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе i памёр у 1800 годзе.

Міхал Казімір Агінскі і Целяханшчына

Не апошняе месца ў жыцці гетмана займала мястэчка Целяханы. Да 1761 года, пакуль Агінскі не стаў уласнікам Целяхан, гэта была фактычна звычайная вёска сярод неабсяжных балот. На свае сродкі ён будуе тракт Пінск-Слонім, які праходзіць праз Целяханы. Да 1784 года быў пабудаваны Агінскі канал. Так Целяханы аказаліся ў выгадных транспартных умовах. Тут з’яўляецца прыстань, сударамонтныя майстэрні, шматлікія мануфактуры. Такім чынам, дзякуючы М.К. Агінскаму Целяханы багацеюць на вачах. Агінскі будуе тут фаянсавы завод, Уніяцкую царкву, шыкоўны палац з паркам у маёнтку Ганарацін, што непадалёк ад Целяхан. Пазней у Целяханах з’яўляецца філіял Слонімскага тэатра – балетная школа. Агінскі быў заварожаны і прыгажосцю маляўнічага Вулькаўскага возера, акружанага тады векавымі хвоямі, з невялікай вёскай на самым беразе. Тут Агінскі хацеў пабудаваць яшчэ адзін палац у венецыянскім стылі. Задумы гетмана былі перакрэслены далучэннем беларускіх зямель да Расіі. Такім чынам, дзякуючы гетману Целяханы ператварыліся са звычайнай вёскі ў развітое і вядомае мястэчка. Тут развівалася прамысловасць, сельская гаспадарка і мастацтвы. І менавіта Целяханы прыцягвалі на Беларусь ужо старога і хворага Міхала Казіміра Агінскага, калі той жыў за мяжой на схіле свайго жыцця.

Жыццё Міхала Казіміра Агінскага было доўгім, насычаным і трагічным: дзяржаўная служба, шматлікія  падарожжы, наватарскія да таго часу ідэі, творчыя поспехі і выгнанне. М.К. Агінскі зрабіў многае для сваёй краіны. Толькі за будаўніцтва Агінскага канала яму яшчэ пры жыцці хацелі паставіць помнік у Віленскім замку!

 

 МІТРАФАН ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ / MITRAFAN DOŬNAR-ZAPOLSKI

Імя вядомага беларускага гісторыка і эканаміста, як стала вядома зусім нядаўна, звязана і з нашымі землямі..... 

У 2010 годзе ў Вільні пабачыў свет штогоднік антрапалагічнай гісторыі “Homo Historicus 2009” пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук А.Ф. Смаленчука. У зборніку змешчаны і такія малавядомыя раней матэрыялы як “Заметки из путешествия по Белоруссии” студэнта гістарычнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта Ўладзіміра Мітрафана Доўнар-Запольскага, якія ў 1890-1891 гадах друкаваліся на старонках “Виленского вестника”. Будучы славуты беларускі гісторык, этнограф і эканаміст падарожнічаў летам 1890 года па поўдні Мінскай губерні па прапанове Імператарскага маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Верагодна, руплівасць і здольнасці будучага вучонага атрымалі высокую ацэнку маскоўскіх калег, і менавіта таму студэнт 2-га курса атрымаў такую ганаровую прапанову.

Падарожныя нататкі, напісаныя на прыканцы 19 стагоддзя сёння заслугоўваюць асаблівай увагі. Мітрафан Доўнар-Запольскі здолеў у лёгкай і цікавай форме распавесці пра самыя розныя бакі жыцця паўночнай часткі Пінскага ўезда Мінскай губерні. У яго тэксце арганічна спалучаюцца паэтычныя замалёўкі прыроды Палесся, разважанні пра эканамічныя праблемы паўднёвага рэгіёна Мінскай губерні, эмацыйныя заўвагі пра наступствы п’янства, грунтоўныя гістарычныя нарысы асобных мясцін Беларусі, падрабязныя апісанні памешчыцкіх маёнткаў і сялянскіх гаспадарак, а таксама песні палешукоў, асаблівасці сямейных адносін беларускіх сялян, апісанні свят і многае-многае іншае.Ужо на першай старонцы нататкаў Мітрафан Доўнар-Запольскі піша, што для падарожжа ён выбраў найбольш цікавыя куточкі поўдня Беларусі сярод якіх і паўночная частка Пінскага ўезда Мінскай губерні. Па сёнешняму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню гэта сучасная Целяханшчына.

На Целяханшчыну Мітрафан Доўнар-Запольскі прыехаў у сярэдзіне лета 1890 года з Пінску праз Ставок і Парэчча. Целяханы ён апісвае як галоўнае з мястэчак паўночнай часткі Пінскага ўезда, якое знаходзілася на пясчанай выдме сярод неабсяжных балот на беразе Агінскага канала. Вылучаліся тагачасныя Целяханы мноствам розных устаноў, што ўвогуле было тады рэдкасцю для большасці беларускіх мястэчак: валасной управай, управай судаходнай дыстанцыі Агінскага канала, лякарняй з адзіным доктарам на палову ўсяго Пінскага ўезда, паштова-тэлеграфнай канторай, ссуда-ашчаднай касай і інш. Аднак, не гледзячы на гэта, Целяханы не з’яўляліся досыць вялікім мястэчкам. Тады яны былі на палову заселены габрэямі і мелі ўсяго каля 100 сялянскіх хат. Увогуле, Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваіх нататках звяртае ўвагу, што ў гэтых мясцінах як нідзе шмат было габрэяў. Яны з’яўляліся арандатарамі панскіх маёнткаў, займаліся гандлем, рамёствамі, за бясцэнак скуплялі ў сялян збожжа і рыбу. Адным словам, усё эканамічнае жыццё гэтых мясцін было пад кантролем габрэяў, што на думку аўтара насіла негатыўны характар. 

Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваіх нататках адзначае, што на поўнач ад Целяхан па Агінскаму каналу знаходзяцца найбольш цікавыя мясцовасці, якія павінны быць прыцягальнымі для падарожнікаў. У першую чаргу гэта вёскі Вулька (сучасная Вулька-Целяханская) і Выганошты (цяпер вёска Выганашчы), а таксама азёры пры гэтых вёсках. 

З апісанняў падарожніка Агінскі канал ў той час ужо ўяўляў мала цікавасці. У тыя гады канал летам моцна мялеў, так што плыты з цяжкасцю перамяшчаліся па яго ілістаму дну. Шырыня канала не перавышала 2 сажані, меў ён тарфяністыя берагі і быў прыгодны для перамяшчэння невялікіх судоў пераважна ў вясенні час.

Увагу Мітрафана Доўнар-Запольскага прыцягнула возера Вулькаўскае, якое моцна адрознівалася ад усіх палескіх азёр бачаных аўтарам раней. Праз возера праходзіў Агінскі канал, пагэтаму яно выкарыстоўвалася для перагону плытоў, зімоўкі суднаў. Возера тады мела круглую форму, а яго памеры ў дыяметры складалі каля вярсты. Асабліва вылучалася Вулькаўскае возера значнымі глыбінямі, што ўвогуле мала характэрна для азёр Палесся. Яшчэ больш цікавым для Мітрафана Доўнар-Запольскага здалося возера Выганоштскае (сёнешняя назва Выганашчанскае), якое знаходзілася ў 5-ці вярстах на поўнач ад вёскі Выганошты і таксама ўваходзіла ў сістэму Агінскага канала. Адно з самых вялікіх азёр Мінскай губерні, з поўначы на поўдзень мела 5 вёрст, а з захаду на ўсход 7–8. Тады возера было акружана непраходнымі балотамі на 5–15 вёрст, парослымі лазой і дробным лесам. Возера мела балоцістыя берагі, пакрытыя месцамі сялянскімі сенакосамі да якіх летам можна было пад’ехаць толькі на лодках. Падчас вясенняга разліву возера сваімі водамі залівала бліжэйшыя лясы і балоты на 20 вёрст і часам злучалася нават з Бабровіцкім возерам. Глыбіня ж возера летам не перавышала і 2 аршын. Затое возера мела ілаватае дно, так што апушчаны шэст нідзе не кранаў цвёрдага дна. Усё гэта рабіла возера асабліва небяспечным для судаходства пад час бураў. Здараліся выпадкі, што плыты, чакаючы спакойнага надвор’я, па некалькі дзён стаялі на якары пасярод возера, а малыя судны ўвогуле не маглі рухацца. Вылучалася возера тады багатай рыбай, якой у зімні час лавілі на некалькі тысяч рублёў. Тысячамі здабывалі тут і вадаплаўную птушку. Вялізнае значэнне Выганоштскае возера мела для Агінскага канала, паколькі жывіла яго ў летні час вадой. Для гэтага з паўднёвага боку возера была пабудавана плаціна для ўтрымання яго вод, а з поўначы 10-ты шлюз. Мітрафан Доўнар-Запольскі да возера пад’ехаў на конях, а там разам з плытагонамі з мястэчка Моталь на лодках дабраўся да 10-га шлюза, змог паплаваць і па Шчары. У падарожных нататках ён звяртае асаблівую ўвагу на некранутасць, дзікасць і велічнасць прыроды гэтых мясцін.

Галоўнай задачай падарожжа Мітрафана Доўнар-Запольскага было правядзенне этнаграфічных даследаванняў, якія заключаліся ў першую чаргу ў зборы фальклёру: казак, песень, прыказак пінчукоў. Тут, на Целяханшчыне, малады даследчак сутыкнуўся з неімавернымі цяжкасцямі пры зборы такога матэрыялу. Заключаліся яны ў першую чаргу ў тым, што мясцовыя сяляне ніякім чынам не хацелі ісці на кантакт. Для іх было незразумелым і нават падазроным, што нейкі незнаёмец хоча даведацца пра іх песні. Асабліва непрыступнымі былі мужчыны, якія не бачылі патрэбы проста так распавядаць інтэлегентнаму незнаёмцу свае песні, бо гэта мог быць які-небудзь чыноўнік ці яшчэ хто. Баяліся мужчыны таго, што распавёўшы свае песні ў іх могуць забраць зямлю, павялічыць падаткі або забраць у рэкруты. Такога пункту гледжання асабліва прытрымліваліся сталыя мужчыны пад уплывам якіх былі і маладыя хлопцы. У дадзеным выпадку не дапамагалі ні самыя падрабязныя тлумачэнні важнасці збору фальклёру, ні нават шчодрая выпіўка. За ўвесь час знаходжання на Целяханшчыне, Мітрафан Доўнар-Запольскі толькі ў вёсцы Выганошты сустрэў аднаго маладога хлопца, які праспяваў яму даволі шмат песень. Сваю рашучасць хлопец растлумачыў тым, што ўвосень яго забяраюць у рэкруты, так што баяцца няма чаго. Як ні дзіўна, баяліся патрапіць у салдаты нават і маладыя жанчыны, ад якіх таксама было цяжка што-небудзь атрымаць. Увогуле, аргумент, што маскалі могуць забраць у салдаты, быў галоўным сярод большасці насельніцтва Целяханскай воласці, каб не распавядаць песні, казкі, забабоны незнаёмцу.

Такім чынам, найбольшую колькасць фальклёрнага матэрыялу Мітрафану Доўнар-Запольскаму ўдалося сабраць ад старых жанчын. Старыя былі больш даверлівымі і пасля чаркі нават з радасцю і з асабістай цікавасцю напявалі свае песні, расказвалі казкі і замовы. Не баяліся яны ўжо і патрапіць у салдаты. За гадзіну-другую ад адной старой жанчыны можна было сабраць да 20–30 песень. У Целяханах нават знайшлася жанчына, якая распавяла больш за 100 песень за адзін дзень. Увогуле для целяханскіх жанчын было характэрна веданне і выкананне вялікай колькасці песень самай рознай тэматыкі. Мужчыны ж спявалі рэдка і ў асноўным пад час працы або выпіўкі. 

Як правіла, мясцовае насельніцтва спачатку дзялілася сур’ёзнымі, тужлівымі песнямі, а ўжо потым, увайшоўшы ў азарт, распавядала ўсё больш вясёлыя. Адзін раз так здарылася і ў мястэчку Целяханы, калі сяляне разышоўшыся выдалі шмат цікавых песень, сярод якіх было нямала і вясёлых. Пад вечар, адумаўшыся, сяляне прыбеглі да старасты з заявай, што яны адказваюцца ад сваіх вясёлых песень. Тлумачэннем было тое, што мясцовыя ўлады, даведаўшыся аб вясёлых песнях сялян, вырашаць, што ім жывецца вельмі добра. Увогуле падобных выпадкаў Мітрафан Доўнар-Запольскі апісвае даволі шмат.

Будучы вядомы гісторык не раз у сваіх нататках наводзіць на думку, што стагоддзе расійскай акупацыі негатыўна адбілася на пінчуках. Людзі сталі недаверлівымі, баязлівымі, цёмнымі. Доказам можа служыць і адна з самых распаўсюджаных ў той час сярод насельніцтва песень. Вось радкі з яе.

Вчора була Польша, / А теперь Россия. / Не заступыт сын за батьку, / А батька за сына. / Батька иде из касою, / А сын з бороной. / Стара маты / Уместе з дочкай / Жита жалы. / Жалы воны, жалы / Помогай им, Боже, / А свята неделенька / Скарай пана, Боже! / Ковала заузулька, / Ковала, ковала, / А паньщина, даромщина / Из двору утекала, / Утекала, утекала. / Аж горы траслиса, / А за ими пана-ляхи: / Панщино, вернысь до дому! / Не вернуся, не вернуся – / Бо нема до кого, / Було хлопей шановаты, / Як здоровье я свого! / Дзякуй Богу, дзякуй Богу, / Дзякуй той царыце, / Що укопала ту даромщину / На Прусской граныце.

(напісанне песні даецца ў арыгінале)

Асабліва негатыўнай з’явай было п’янства, якое шырока было распаўсюджана сярод сялян. Многія з іх любы працоўны дзень пачыналі з карчмы. Асабліва ўражвае выпадак апісаны ў вёсцы Выганошты. Пад час збору фальклёру Доўнар-Запольскі хацеў аддзякаваць чаявымі 13-гадовую дзяўчынку, якая праспявала яму некалькі песень. Валасны пісар, які суправаджаў падарожніка, сказаў, што лепшай падзякай для дзяўчынкі будзе чарка гарэлкі. Так і адбылося, дзяўчынка з задавальненнем асушыла добрую чарку. Падобныя выпадкі ў падарожных нататках апісваюцца не раз. Увогуле п’янства ў той час было галоўнай прычынай многіх бед пінчукоў. Варта адзначыць, што не менш цікава і захапляльна ў нататках Мітрафан Доўнар-Запольскі апісвае асаблівасці штодзённага жыця і побыт жыхароў Целяханшчыны, іх звычкі, вопратку, святы.Увогуле, тэкст “Заметок из путешествия по Белоруссии” – гэта своеасаблівае адкрыццё Беларусі. Мітрафан Доўнар-Запольскі “адкрываў” Беларусь не толькі для чытачоў адной з самых масавых газет тагачаснай Беларусі “Виленского вестника”. Пазней па выніках падарожжа была напісана і апублікавана ў аўтарытэтных выданнях не адна навукая праца. Для нас вельмі важна, што ў тэксце адчуваецца ўласнае аўтарскае захапленне нашым краем і яго жыхарамі. Бясспрэчна, што падарожжа лета 1890 года было важнай падзеяй для станаўлення Мітрафана Доўнар-Запольскага менавіта як беларускага навукоўца.


15.09.2012
Просмотров (545)


Зарегистрированный
Анонимно