Сделать свой сайт бесплатно
https://fo.ru
Реклама
Создай свой сайт в 3 клика и начни зарабатывать уже сегодня.
ВУЛЬКА-ЦЕЛЯХАНСКАЯ / VULKA-CIELIACHANSKAJA Геаграфічнае становішча і прыродныя ўмовы
Вулька-Целяханская знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад горада Івацэвічы на ўсходнім беразе Вулькаўскага возера і Агінскага канала. Мясцовасць раўнінная, пакрытая лясамі і зрэдку парушаецца невялікімі балотамі і пясчанымі ўзгоркамі.
Тапанімія
Назва вёскі паходзіць ад слова “Воля”. Менавіта так пачалі называць новы тып паселішчаў, якія ўзніклі ў Вялікім Княстве Літоўскім пасля правядзення зямельнай рэформы ў другой палове 16 стагоддзя. “Вулька” – апалячаны адпаведнік беларускага слова “Воля”. Нават сёння жыхары суседніх вёсак называюць вулькаўцаў менавіта воленцамі. Ну а дадатак “Целяханская” дазваляе вылучаць вёску сярод іншых Вулек і Волек, якіх мноства на Беларусі.
ВЫГАНАШЧЫ / VYHANAŠČYГеаграфічнае становішча і прыродныя ўмовы
Вёска Выганашчы знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра Івацэвічы на Агінскім канале. Навакольная мясцовасць нізінная і моцна забалочаная. Сама ж вёска знаходзіцца на пясчанай выспе, якая прасціраецца ў шыротным накірунку. За 5 кіламетраў на поўнач ад вёскі знаходзіцца адно з самых вялікіх азёр Палесся – Выганашчанскае. Ўвогуле, прырода наваколля вёскі вылучаецца сваёй адметнасцю і некранутасцю. Выганашчанскі леса-балотны масіў – найбуйнейшы на Чарнаморска-Балтыйскім водападзеле ў Еўропе. Тут у адносна некранутым стане захаваліся тыповыя палескія ландшафты. Усё гэта стала падставай для арганізацыі тут ў 1968 годзе аднаго з першых на Беларусі заказнікаў, а таксама філіяла Белавежскай пушчы – леса-паляўнічай гаспадаркі.
Назва “Выганашчы” згодна адной з самых распаўсюджаных версій паходзіць ад слова “выган” – тыпа сельскагаспадарчых угоддзяў, прызначаных для выпасу скаціны.
Гісторыя
Упершыню вёска Выганашчы ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1554 годзе пры апісанні Вядскай воласці ў Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў складзенай ў 1552–1555 гадах пінскім старастаю Станіславам Хвальчэўскім. У 1559 годзе Выганашчы зноў згадваюцца ў “Рэвізіі пушч і пераходаў звярыных у Вялікім Княстве Літоўскім”. У розны час вёска належала шляхецкім родам Кішкам, Чартарыйскім, Агінскім, Пуслоўскім. Больш-менш інтэнсіўнае развіццё вёскі пачалося з пачаткам будаўніцтва Міхалам Казімірам Агінскім судаходнага Вялікага канала. Тады ў Выганашчах была пабудавана драўляная ўніяцкая царква, сяляне атрымалі магчымасць асвойваць новыя заняткі, значна палепшыліся транспартныя магчымасці. Пазней Выганашчы аказаліся ў складзе Расійскай імперыі. Пераломным жа момантам у гісторыі вёскі можна лічыць Першую Светавую вайну. З 1915 па 1918 год праз Выганашчы праходзіла лінія фронта паміж германскімі і рускімі войскамі. У гэты час жыхары вёскі знаходзіліся ў бежанцах. Сама ж вёска была спалена і разбурана. Сёння напамінам аб тых часах з’яўляюцца акопы, бетонныя германскія бліндажы і доты, якія захаваліся як у навакольных лясах, так і ў самой вёсцы. Пасля далучэння зямель Заходняй Беларусі да Польшчы Выганашчы пачалі аднаўляцца і развівацца. Быў цалкам адноўлены і мадэрнізаваны Агінскі канал, праведзена хутарызацыя, што станоўча адбілася на жыцці сялян. З далучэннем Заходняй Беларусі да БССР ў 1939 годзе пачаліся беспадстаўныя рэпрэсіі, прымусовая калектывізацыя, а ў 1941 годзе пачалася Вялікая айчынная вайна. За час вайны было забіта 33 мірныя жыхары, з фронту не вярнулася 46 вяскоўцаў – воінаў чырвонай арміі. За савецкім пасляваенным часам Выганашчы сталі цэнтрам калгаса і сельсавета. Тут быў арганізаваны філіял Белавежскай пушчы, Рэспубліканскі гідралагічны заказнік, Новінскае лясніцтва. У вёсцы былі пабудаваны дом культуры, дзіцячы садок, школа. У пачатку 2000-х адноўлена царква. Аднак у дэмаграфічным плане вёска аказалася ў заняпадзе. Так, калі ў 1939 годзе ў Выганашчах жыло больш 1600 жыхароў, то ў 2011 іх каля 640. Адбываецца інтэнсіўны адток маладога насельніцтва, ужо 2 гады запар у мясцовай школе няма першых класаў. Летам 2013-га плануецца ліквідацыя Выганашчанскага сельскага савета.
Выдатныя мясціны
Вёска Выганашчы цікавая тым, што знаходзіцца на Чарнаморска-Балтыйскім водападзеле. Тут можна назіраць па на Агінскім канале вада цячэ ў розных накірунках. У навакольных лясах і балотах сустракаюцца рэдкія для Беларусі і Еўропы віды жывёл і раслін: барадатая кугакаўка, вяртлявая чаротаўка, арлан белахвост, венерын чаравік сапраўдны, лілея кучаравая і іншыя. З гістарычных адметнасцяў можна назваць бетонныя германскія доты, што захаваліся сярод вёскі з часоў Першай Светавай вайны.
Выдатныя людзі
У вёсцы Выганашчы нарадзіўся беларускі грамадскі і палітычны дзеяч – Русакевіч Уладзімір Васільевіч. У розны час ён быў амбасадарам Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, міністрам інфармацыі Беларусі. З’яўляецца ганаровым доктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, кандыдатам ў майстры спорту СССР па вольнай барацьбе. Паходзіць з Выганашчаў і кандыдат біялагічных навук, дацэнт – Дзямянчык Віктар Трафімавіч – беларускі вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі.
Геаграфічнае становішча і прыродныя ўмовы
Бабровічы знаходзяцца за 30 км на паўднёвы-ўсход ад горада Івацэвічы на паўднёвым беразе аднайменнага возера.
Назва “Бабровічы” паходзіць ад назвы жывёлы “бабёр”.
Вёска Бабровічы мае даўнюю, насычаную і, на жаль, трагічную гісторыю. У пісьмовых крыніцах вядома з 1401 года. На працягу стагоддзяў належала князям Алелькавічам, Фёдару Яраславічу, каралеве Боне Сфорцы, князям Лецкам, памешчыкам Пуслоўскім. З сярэдзіны 16-га стагоддзя Бабровічы вядомы Пятніцкай царквой, якая ў той час знаходзілася на выспе возера. Вядомыя яшчэ Бабровічы і тым, што тут служыў святаром беларускі пісьменнік, аўтар газеты “Наша Ніва”, рэдактар першай каталіцкай газеты “Беларус”, аўтар першай беларускай граматыкі – Баляслаў Пачопка. З 1926 года ён быў вікарыем Целяханскай уніяцкай парафіі з цэнтрам ў вёсцы Бабровічы. Тут ён займаўся рэлігійнай, асветніцкай, дабрачыннай, грамадскай дзейнасцю. У 1938 годзе ім была пабудавана новая ўніяукая царква ў Бабровічах. За савецкім часам цярпеў пераслед з боку саветаў. Памёр у 1940 годзе ў шпіталі ў Целяханах. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Бабровічах ужо ў 1939 годзе быў арганізаваны калгас. Тады Бабровічы налічвалі больш 900 жыхароў і 140 хат. У 1942 годзе вёска была спалена разам з жыхарамі нямецкімі карнікамі падчас правядзення аперацыі “Балотная ліхаманка”. Пасля вайны вёска адрадзілася. Колькасць жыхароў дасягала нават 300 чалавек, у вёсцы працавалі васьмігадовая школа, клуб. Сёння ў вёсцы жыве каля 50 чалавек.
Сёння Бабровічы становяцца цэнтрам аграэкатурызму. Тут дзейнічае прыватны этнаграфічны музей, стацыянар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі.
У вёсцы Бабровічы жыве краязнаўца, пісьменнік Веніамін Бычкоўскі. Уласнымі сіламі ім будуецца каплічка, створаны этнаграфічны музей.